РАБО́ЧЫ ЧАС,
вызначаная ў заканадаўчым парадку працягласць рабочага дня, на працягу якой работнік абавязаны выконваць даручаную яму работу. Пачатак і заканчэнне рабочага дня рэгулююцца правіламі ўнутр. распарадку і графікамі зменнасці. Рэжым Р.ч. залежыць ад умоў і характару работы. Р.ч. падзяляецца на час работы і час перапынкаў (рэгламентаваных і нерэгламентаваных). Рэгламентуецца прац. заканадаўствам шляхам вызначэння працягласці рабочага дня (часткі сутак, на працягу якой работнік выконвае свае абавязкі), рабочага тыдня (Р.ч. на працягу каляндарнага тыдня), рабочага года (каляндарнага года, які адлічваецца з дня працаўладкавання), звышурочнай работы. Вымяраецца для асобнага работніка ў гадах, днях і гадзінах, для калектыву — у чалавека-гадах, чалавека-днях і чалавека-гадзінах.
т. 13, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)